logo SIGNIS-БЕЛАРУСЬ MAGNIFICAT Месца Правядзення
BY - EN
 
фестываль
узнагароды
рэгламент
праграма
форма ўдзельніка
месца правядзення
MAGNIFICAT '2005
кантакты
Асацыяцыя
Студыя «СТОПКАДР»
Каталіцкая відэастудыя
Гасцёўня
Спасылкі
Мапа Сайту


Месца правядзення
Глыбокае

Першая звестка аб Глыбокім паходзіць з метрыкі Літоўскай 1514 года, дзе гаворыцца аб “панскім двары” – цэнтры маёнтку багатага рода Зэновічаў. Зэновічы мелі ва ўласнасці паўднёва-заходнюю частку Глыбокага, якая адносілася да ашмянскага павету, аддзеленая рэчкай Бярэзвіцай ад усходняй часткі, уласнасці таксама вядомага і багатага ў полацкім ваяводстве – роду Корсакаў. Абедзве часткі, прынамсі да нейкага часу, развіваліся незалежна, маючы свае ўласныя вулачкі і гандлёвыя цэнтры. У 1563-1579 гадах, падобна як ваяводскі Полацк і навакольныя вёскі, Глыбокае было занята маскоўскім войскам Івана Грознага.
Напрыканцы ХVI стагоддзя Кшыштаф Зэновіч, ваявода берасцейскі, пабудаваў на сваёй частцы Глыбокага кальвінскі збор, а на пачатку ХVIІ стагоддзя ягоны сын Мікалай Багуслаў, полацкі каштэлян, ужо католік, выбудаваў касцёл св. Міхала.
У 1668 годзе ў выніку сямейных укладаў, Глыбокае перайшло ва ўладанне Радзівілаў. Каля паловы ХVIІ стагоддзя ў гэтай частцы горада пабудаваны ўніяцкі касцёл Св. Тройцы і сінагога.
Уладальнік усходняй часткі, Юзаф Львовіч Корсак, мсціслаўскі ваявода і дзісненьскі стараста ў 1628-1643 перапісаў Глыбокае на закон кармелітаў. Такім чынам кармеліты сталі ўладальнікамі не толькі горада, але і навакольных мясцовасцяў -- Ластовіца, Свіла, Пшэдолы, Гняздзілава і Вальберовічы. Са сродкаў, якія кармеліты атрымоўвалі з гэтых павіннасцяў, яны павінны былі пабудаваць сабе касцёл і кляштар, таксама парафіяльны касцёл, а яшчэ -- ўтрымаць канвікт для моладзі, прытулак для бедных і інш.
Касцёл пачалі будаваць, калі яшчэ жыў фундатар, але невядома дакладна, калі скончылі. Ёсць звесткі, што гэта сталася каля 1654 года. А дзьве вежы былі дабудаваны каля 1735 года. Магчыма, тады быў узведзены і будынак кляштара.
Парафяльны касцёл Св. Тройцы, закладзены праз Корсака ў 1642 годзе, быў пабудаваны з дрэва. Спалены ў 1654 годзе падчас маскоўскага паходу, ён быў адбудаваны таксама як драўляны. У 1764 годзе кс. Яшчолт залажыў мураваны касцёл, які быў пабудаваны ў 1781 годзе кс. Федаровічам, а кансэкраваны ў 1783 годзе.
Падчас “маскоўскага патопу” Глыбокае было спалена, а разам з ім і парафіяльны касцёл і касцёл св. Міхала, які пасля ўжо не адбудоўваўся.
Пасля трэцяга падзелу Глыбокае належыла да дзісненскага павету мінскага ваяводства. У часе паходу на Маскву ў кляштары кармелітаў затрымліваўся Напалеон. У тым самым кляштары пасля паўстання 1831 года нейкі час гаспадарыў Мураўёў-Вешацель. Тут ён трымаў і катаваў удзельнікаў паўстання. У другой палове ХVIІІ стагоддзя і першай ХIХ у кляштары кармелітаў знаходзілася пачатковая школа, кватэра на 12 вучняў, бібліятэка, якая налічвала 3000 твораў, збор геаграфічных картаў, фізічны кабінет, аптэка і некалькі пакояў для гасцей.
 У 1881 годзе Глыбокае налічвала 4084 жыхароў, у 1897- 6564, а каля 1909 года – блізка 7000. Падобна як і іншыя мястэчкі дзісненскага павету, Глыбокае вельмі пацярпела падчас Першай сусветнай вайны. Напрыканцы ХIХ стагоддзя Глыбокае было злучана з Вільняй чыгуначнай лініяй, якая праходзіла праз Паставы і Падбрадзе. Дзякуючы чыгунцы гаспадарка ў Глыбокім пачала хутка развівацца. Акрамя гэтага паўставалі мясцовыя ўрады дзісненскага павету – суд, аддзел Віленскага Банку, шпіталь, гімназія, іншыя грамадскія структуры і таварыства.
У 1927 годзе Глыбокае налічвала 5612 жыхароў, а напрыканцы трыццатых гадоў іх лічба павялічылася амаль да дзесяці тысяч. З 1939 году Глыбокае ўваходзіць у склад БССР, 15 студзеня 1940 году атрымлівае статут гораду, цэнтру Глыбоцкага раёна.
Падчас Другой сусветнай вайны фашысты знішчылі больш за 10000 глыбачан і жыхароў раёна. Больш за 27 тысяч савецкіх і італьянскіх ваеннапалонных было знішчана ў Беразвецкім лагеры смерці, які знаходзіўся побач з горадам.
Зараз у Глыбокім дзейнічаюць філіял Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці, гісторыка-этнаграфічны музей, Дом культуры і Цэнтр культуры. Насельніцтва горада складае 19,5 тысяч чалавек.
Удзела

Парафія Непарочнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Удзеле існуе ад 1727 года. З 1642 да 1851 тут працавалі айцы францішкане. Пасля ліквідацыі кляштара царскай уладай ад 1851 да 1948 года парафіяй займаліся дыяцэзіяльныя святары. З 1948 па 1989 гады касцёл быў заменены на свіран, а дом святароў стаўся школай і кватэрай для настаўнікаў. Дзякуючы намаганням парафіян касцёл быў адбудаваны ў 1989 годзе і пад кіраўніцтвам кс. пралата Юзафа Булькі святыня і плебанія былі адрамантаваныя.
У 1989-2000 гадах душпастырствам займаўся кс. пралат Юзаф Булька, пробашч з Мосара, які мае вялікія заслугі ў справе духоўнай і матэрыяльнай адбудовы парафіі.
На тэрыторыі парафіі знаходзіцца філіяльны цэнтр у Пятроўшчыне, які быў перададзены кіраўніцтвам мясцовага калгасу “Перамога”. Пасля рамонту гэты дом стаў рэкалекцыйным цэнтрам. Тут праводзяцца лагеры і рэкалекцыі для дзяцей і моладзі.
Ад 2000 году ў Удзеле ізноў пачалі працаваць францішкане, якія арганізавалі беларускі Непакалянаў. Парафія мае сваю бібліятэку, катэхетычную залу. У Удзеле знаходзіцца цікавая стаенка – падобная да непакалянаўскай. Таксама ёсць магчымасць наведвання падзямелляў касцёла.
Мосар

Гісторыя касцёла і ўсяго парафіяльнага цэнтра ў Мосары вельмі багатая. Парафіяльны касцёл пад назвай святой Ганны быў пабудаваны у 1792 годзе пры фінансавай дапамозе Роберта і Анны Бжастоўскіх, уладальнікаў Мосара.
Святыня пабудавана ў нэакласічным стылі, у форме прамавугольніка. На фасадзе быў надпіс: “Мой дом з’яўляецца домам малітвы”, які пасля ІІ сусветнай вайны быў знішчаны. Будынак касцёла абнаўляўся ў 1922 годзе і ў 90-х гадах ХХ стагоддзя. На пачатку пры касцеле існавала драўляная званіца і ў 1926 годзе з ахвяраваных вернікамі грошаў пачалася будаванне мураванай, якая была скончана ў 1931 годзе.
Галоўным парафіяльным святам з’яўляецца ўстаноўлены праз Пія Х ў 1908 годзе адпуст св. Яна Хрысціцеля, які ўрачыста святкуецца 24 чэрвеня. У касцеле захаваліся табліцы з дакументамі аб кансэкрацыі касцёла, аб сапраўднасці рэліквій св. Юстына, якія атрымаў Антоні Кошчыц, стараста Замыцкі ад св. Бенедыкта ХІV. Гэтыя рэліквіі былі прывезены як асабісты падарунак пасля пройдзенай пілігрымкі ў Рым у 1754 годзе і ўстаноўленага адпустовага свята св. Яна Хрысціцеля.
Касцёл і парафія на працягу 200 год сваёй гісторыі перажывалі вялікія досведы сваёй веры. Была спроба ўвесці ў літургію расейскую мову, потым касцёл хацелі замяніць на праваслаўную царкву. Перыяд росквіту парафія перажывала ў 30-я гады ХХ стагоддзя, калі вернікаў было каля 5700.
Тады таксама арганізоўваліся розныя рэлігійныя парафіяльныя групы – напрыклад ІІІ Закон святога Францішка. Падчас ІІ сусветнай вайны касцёл быў адчынены, а пасля яе заканчэння – нягледзячы на розныя спробы зачыніць касцёл – тут працаваў кс. Міхал Сухарэвіч, які вярнуўся пасля ссылкі ў Сібіры і аддана бараніў веру аж да сваёй смерці ў 1961 годзе. Пасля смерці кс. Сухарэвіча ў Мосары не было святара да 1988 года, але вернікі збіраліся ў касцеле і маліліся.
З 1988 года апеку над парафіяй і касцёлам ўзяў на сябе кс. Уладыслаў Завальнюк, а з 1990 года пробашчам парафіі ў Мосары быў вызначаны кс. Юзаф Булька, які заняўся аднаўленнем касцёла. Таксама ён разам з вернікамі зрабіў парк перад касцёлам, навёў парадак на могілках, і адбудаваў 14 стацый Мукі Гасподняй – Мосарскую Кальварыю. Апроч гэтага кс. пралат Юзаф Булька выбудаваў касцёл у Варапаеве, больш за 100 прыдарожных фігурак і крыжоў, шмат гротаў Маці Божай, дом парфіяльны ў Мосары.
На тэрыторыі мосарскай парафіі знаходзяцца дзве філіяльныя капліцы: у Папчыцах – Святога Духа (15 км ад Мосара) і ў Салудках – святога Юзафа Работніка (каля 5 км ад Мосара).




апошнія абнаўленні
  галоўная - фестываль - узнагароды - рэгламент - праграма
форма ўдзельніка - месца правядзення - MAGNIFICAT '2005 - кантакты

 
наверх Copyright © SIGNIS-BELARUS 2003-2006. All rights reserved. адміністратар